Пётр Давыдович Чернявский

Пётр Давыдавіч Чарняўскі нарадзіўся ў 1948 годзе ў вёсцы Шкленікова Сваткаўскага сельскага савета Мядзельскага раёна. У 1966 годзе закончыў Сваткаўскую школу. Скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі (1973 год), аспірантуру. Абараніў кандыдацкую дысертацыю на вучоную ступень кандыдата эканамічных навук. У 1998 годзе скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Пачатак працоўнай біяграфіі звязаны з роднымі мясцінамі. У калгасе “Зара” (цэнтр – вёска Сваткі) працаваў паляводам, інспектарам па кадрах, галоўным інжынерам, а з 1983 па 1996 год – намеснікам старшыні і старшынёй гэтага сельгаспрадпрыемства. Пазней займаў адказныя пасады ў структурах Мядзельскага райвыканкама: галоўны інжынер упраўлення сельскай гаспадаркі, дырэктар раённага цэнтра занятасці, намеснік старшыні райвыканкама па эканамічных пытаннях. З 2001 года працаваў кіраўніком розных падраздзяленняў дзяржаўных арганізацый і навуковых устаноў у Мінску: намеснікам дырэктара па навуцы Беларускага навуковага інстытута ўкаранення новых формаў гаспадарання АПК, першым намеснікам і начальнікам упраўлення службы занятасці насельніцтва Мінскага аблвыканкама, намеснікам акадэміка-сакратара аддзялення аграрных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, загадчыкам аддзела сацыяльна-эканамічнага аналізу Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. З 2013 года Пётр Давыдавіч працаваў выкладчыкам на кафедры тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і ў Інстытуце бізнесу пры Беларускім дзяржаўным універсітэце. Аўтар шэрагу навуковых артыкулаў, прысвечаных сельскай гаспадарцы, прадпрымальніцтву і занятасці насельніцтва. У 2023 годзе Пётр Давыдавіч Чарняўскі выдаў кнігу пра сваю малую радзіму “Шкленікова праз стагоддзі”.

Разделы сайта