РусскийБеларускi

 

Государственное учреждение образования 
"Сватковская средняя школа имени Максима Танка"

 

Главная | Одно окно | Об учреждении | Обучающимся | Родителям | Учительская | Музей | Сервисы | экскурсионные маршруты | НИКО

 

Меню раздела

 

 

 

 

статистика посещений

Яндекс.Метрика

 

 

Прайсці праз вернасць

      Плённа працуе паэт у пасляваенны час. Ён выпусціў многа арыгінальных кніг (не лічачы перавыданняў і кніг для дзяцей). Сярод іх: “Каб ведалі”, “На камні, жалезе і золаце”, “У дарозе”, “След бліскавіцы”, “Мой хлеб надзённы”, “Глыток вады”, “Лісткі календара”, “Хай будзе святло”, “Дарога, закалыханая жытам”, “Нарачанскія сосны”, “Прайсці праз вернасць”. Заслугі Максіма Танка высока ацэнены ўрадавымі ўзнагародамі. За кнігу “Каб ведалі” яму прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР. Літаратурнай рэспубліканскай прэміяй адзначана кніга “След бліскавіцы”, за кнігу “Мой хлеб надзённы” ён атрымаў Дзяржаўную прэмію імя Янкі Купалы, а за “Нарачанскія сосны” – Ленінскую прэмію.

         Максіму Танку  нададзена званне народнага паэта Беларусі. Ён абраны акадэмікам Акадэміі навук БССР. За вялікі плён у мастацкай творчасці і грамадскую дзейнасць Максіму Танку прысвоена званне Героя Сацыялістычнай працы.

         Многа сіл і энергіі аддае паэт дзяржаўнай, грамадскай, рэдактарскай  дзейнасці. Доўгі час ён быў галоўным рэдактарам  часопіса “Полымя”. З 1966 па 1990 год Максім Танк  узначальваў Саюз савецкіх пісьменнікаў  у Беларусі. Ён выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, быў членам Савецкага камітэта абароны міру.

        Паэт неаднойчы прадстаўляў рэспубліку ў міжнародных арганізацыях. У якасці дэлегата Беларускай ССР ён прымаў удзел у сесіях Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

          Максім  Танк бываў з рознымі місіямі ў Польшчы, Францыі, Грэцыі, Італіі, Амерыцы і іншых краінах. Ён дасканала ведаў польскую мову, нават на ёй пісаў некаторыя вершы. Быў членам грамадства польска-савецкай дружбы. Узнагароджаны польскім Залатым крыжам.

           Сябраваў Максім Танк з вядомымі польскімі грамадскімі дзеячамі: Сарвіра,Озга-Міхальскі, Путрамант. Баляслаў Берут, глава краіны, падарыў яму спінінг.

         Максім Танк прадстаўляў БССР у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, чатыры гады па тры месяцы працаваў у Нью-Ёрку. І што цікава, будучы ў Нью-Ёрку,  Максім Танк толькі адзін раз паказаў дакументы, калі ўваходзіў у памяшканне ААН. Пасля гэтага іх ні разу не правяралі, толькі віталіся, такім чынам праяўляючы павагу да нашай краіны.

Максім Танк бываў не толькі за мяжой, але сустракаўся і з жыхарамі Беларусі, выступаў на творчых вечарынах у вёсках, спускаўся ў  Салігорскую шахту…

     “Падарожнічаючы па розных краінах, - піша Максім Танк, - я вынес глыбокае перакананне: на зямлі, апрача дрэў, траў і кветак, усюды растуць і вершы. Я іх знаходзіў на ўсіх сваіх шляхах, на ўсіх кантынентах. Але самыя светлыя , самыя лепшыя я знаходзіў на роднай зямлі”. А зямля, Радзіма для Максіма Танка пачыналася перш за ўсё з сям’і.

 

ІІ. Сям’я

 

         

Вельмі важнае месца ў сэрцы адводзіў Максім Танк і сваёй сям’і: жонцы Любашы, дзецям. Лепшым пацвярджэннем гэтаму з’яўляюцца словы сына Максіма Танка: “А запомніўся ён такім, ведаеце, сапраўдным сем’янінам. Для яго самым галоўным была сям’я, жонка, дзеці, хата. Клопат пра сям’ю ў яго быў проста паталагічным. Нехта захварэў, нават на нешта нязначнае, напрыклад, на ангіну, дык ён ужо ходзіць, пытаецца пра тэмпературу, звоніць урачам, знаёмым. Ён да гэтага амаль хваравіта адносіўся – не дай бог, каб штосьці здарылася ў сям’і. Вось гэта найперш яго характарызавала”.

         Любоў Андрэеўна ці Любаша, Лю, як называў яе Максім Танк, праз усё яго жыццё праходзіць адзінай каханай жанчынай.  Яна была першым слухачом і першым крытыкам Максіма Танка, натхняла яго на паэзію.

 

                   Гатоў я ўсё жыццё аддаць табе,

                   Нічога не пакінуўшы сабе:

                   Ні крошкі хлеба, ні крупінкі солі,

                   Ні сну, ні шчасця, ні людской патолі,

                   Ні песні, што пранесла маладосць, –

                   Каб толькі ты была такой, як ёсць.

         Пазнаёміліся яны ў старой Вільні дзесьці ў сярэдзіне трыццатых гадоў. Максім Яўгенавіч успамінае: “На той час у Вільні жыла сям’я маці, але  бацькі паходжанне мелі беларускае, сваімі каранямі былі з нарачанскага краю. Апынуўшыся ў Вільні, мой бацька спыніўся ў іх як у землякоў… Іхняя маладосць была бурная і прыгожая. Было ў ёй  падполле, у якім знаходзілася кампартыя Заходняй Беларусі, арышт, турма, явачныя кватэры, адной з якіх і была хата маёй бабулі. Прыгажосць таму часу надавала змаганне за лепшы лад жыцця, за высокія ідэалы, якія мроіліся ў будучым. Увогуле, тады шмат марылі, верылі, спадзяваліся – на гэтым трымалася і жыццё, і каханне. У мяне заўсёды было адчуванне, што ў тых гадах бацькі зачэрпнулі прыгоршчы нейкага святла і пранеслі яго праз усё жыццё, асвятляючы ім кожны крок, уяўляючы сябе адным непарушным цэлым”.

Любаша была першым сябрам паэта, вернай спадарожніцай і першым крытыкам. Напіша Яўген Іванавіч верш і ідзе да яе на кухню, або яе пакліча да сябе і адразу яго прачытае. Часам і яна некалькі слоў  уставіць. Бывае, Яўген Іванавіч мучыцца, хоча змяніць нейкае слова іншым, больш удалым, а ёй яно адразу падвернецца, і яна яму падкажа. Любоў Андрэеўна натхняла яго на паэзію.

         Максім Танк усё жыццё кахаў і паважаў Любоў Андрэеўну, падтрымліваў яе, дапамагаў ёй заўсёды, сумаваў, калі жонкі не было побач. Сын паэта ўспамінае: “Прычым, рыбу ён прыносіў маці, як толькі на патэльню класці. Звычайна пачысціць яе, памые, парэжа… Гаварыў, звяртаючыся да маці: “У цябе і так многа работы…”

         Яны нарадзіліся ў адзін год. У юнацтве звёў іх лёс на небяспечных падпольных дарогах Заходняй Беларусі. Поплеч крочылі па нялёгкаму жыццёваму шляху, ад нас таксама пайшлі ў адзін год. Любоў Андрэеўна пайшла з жыцця 17 сакавіка. А Яўген Іванавіч праз некалькі месяцаў – 7 жніўня 1995 года. Урну з яе прахам ён трымаў дома, бо дамовіліся так: калі ён памрэ, то урну апусцяць у яго магілу. Запавет Максіма Танка выканалі. Яго пахавалі на радзіме. І нават пасля смерці яны засталіся разам: прытуліў паэт сваю любую на грудзях.   І два крыжы на магіле паэта, паяднаныя вянком, – гэта не толькі сімвал таленту народнага песняра, але і сімвал яднання, кахання, вернасці.

         А як склаўся лёс дзяцей і ўнукаў Максіма Танка?   Сын Яўгена Іванавіча – Максім нарадзіўся ў 1941 годзе ў эвакуацыі пад Саратавам. У Мінск пераехалі ў канцы 1944 года і пасяліліся ў адной  кватэры з Янкам Маўрам.

         У дзяцінстве Максім шмат часу праводзіў на хутары дзеда. Прыязджаў туды кожнае лета, шмат дапамагаў па гаспадарцы. Ва ўспамінах засталіся і прыгожыя мясціны, і прыгоды з дзедам Фадзеем, і ўмелыя рукі дзеда Івана, які зрабіў яму маленькую касу і граблікі, і няхітрая, але смачная ежа, прыгатаваная клапатлівай бабуляй Домнай.

         Максім Яўгенавіч па прафесіі хімік, кандыдат хімічных навук і яго жонка Вольга Фёдараўна Апацёнак (1948 г.н.). Працуе ў Беларускай ваеннай акадэміі. Да пенсіі Максім Яўгенавіч працаваў вучоным сакратаром Інстытута біяарганічнай хіміі Акадэміі навук Беларусі. Сын Максіма Яўгенавіча – Максім (1965 г.н.) жыве ў сталіцы і працуе ў аўтасервісе. У яго  ёсць сын Яўген (1985 г.н.) (праўнук Максіма Танка), які мае  дзвюх дачок (прапраўнучкі Максіма Танка): Наталлю (2002 г.н.),  Валерыю (2011 г.н.)

      У 1945 годзе ў сям’і Максіма Танка нарадзілася двойня – дзве дачкі: Іра і Вера.

         Вера памерла ад рака лёгкіх у 1991 годзе. Яна была хімікам, як і яе брат. Муж Веры – Аляксандр Іосіфавіч Тушынскі (1945 г.н.). Працаваў праграмістам у НДІ ЭВМ, затым у Міністэрстве абароны.  

         Ірына Яўгенаўна – біёлаг. Яе муж Пачанін Юрый Сцяпанавіч, кандыдат фізіка-тэхнічных навук, дацэнт БНТУ. Іх сын Сяргей (1973 г.н.) закончыў радыётэхнічны інстытут, інжынер-канструктар, жыве, як і бацькі, у  Мінску.

         Дачка Кацярына (1982 г.н.) закончыла Беларускую палітэхнічную акадэмію, жыве ў Англіі і працуе маркетолагам.

         Гісторыю сям’і Максіма Танка добра адлюстроўваюць фотаздымкі, якія перадаюць шчырасць, цеплыню чалавечых адносінаў сярод сямейнікаў. Яны як прыклад таго, якім патрэбна быць сапраўдным сем’янінам.           

Вернасць сям’і – бацькам, жонцы, дзецям, унукам – было самае важнае ў жыцці Яўгена Іванавіча Скурко.

ІІІ. Сябры

 

У такога добрасумленнага, клапатлівага, чулага, адкрытага чалавека, як Максім Танк, было шмат сяброў. Сябраваў ён з Куляшовым, Лыньковым, Макаёнкам, Чыгрынавым, Мележам, Брылём.

      На Нарачы Лынькоў, Куляшоў і Максім Танк пабудавалі дачы побач. Часта разам лавілі рыбу, сядзелі ля вогнішча. З Лыньковым заўсёды дзялілі ўлоў папалам. Дробная рыба іх не цікавіла, палявалі на  15-16 кілаграмовых шчупакоў. Абодва былі заядлымі рыбакамі.

                Куляшоў быў больш замкнутым чалавекам. Прычым, Лынькоў, Куляшоў і Максім Танк працавалі па-рознаму. Максім Танк,  дзе ні прысядзе з блакнотам і ручкай, там і піша. Лынькоў толькі ноччу пісаў, а ў Куляшова павінна быць поўная цішыня.

                У Максіма Танка першым  сябрам быў Пімен Панчанка. Яны сябравалі з Вялікай Айчыннай вайны, калі ваеннымі карэспандэнтамі выязджалі на фронт, спалі пад адным шынялём.

              У кампаніі Максім Танк быў дружалюбным, кампанейскім, вялікім жартаўніком, цудоўна расказваў анекдоты. Дзе ён – заўсёды быў смех. З сябрамі любіў гуляць у шахматы, більярд, гарадкі.

            Сябры для Максіма Танка – надзейная апора ў жыцці і маральная падтрымка ў творчасці.

 

 

     

 

Телефон
8(017)97-334-85

Сайт
svatki@myadel.gov.by