РусскийБеларускi

 

Государственное учреждение образования 
"Сватковская средняя школа имени Максима Танка"

 

Главная | Одно окно | Об учреждении | Обучающимся | Родителям | Учительская | Музей | Сервисы | экскурсионные маршруты | НИКО

 

Меню раздела

 

 

 

 

статистика посещений

Яндекс.Метрика

 

 

“Калыска песні паэта”

                                                                             

 

                                                                              Ёсць куток на зямлі,

                                                                              Дзе  крыніцы звіняць,

                                                                              З трыснікамі гавораць азёры,

                                                                              Дзе  на кожнай сцяжыне

                                                                              Курганы стаяць,

                                                                              Векавечным парослыя борам.

                                                                              Ёсць куток на зямлі

                                                                              Казак, песняў і мар,

                                                                              І вясёлкавых красачных сноў,

                                                                              Дзе і папараць нат

                                                                              Расцвітае-гарыць

                                                                              У купальскую ноч.

                                                                              Ёсцькуток на зямлі:

                                                                              Дзень адзін  пражывеш –

                                                                              Назаўсёды цябе зачаруе.

                                                                              І дзе б ты ні хадзіў,

                                                                              Кім бы потым ні быў—

                                                                              Сум-тугу па тым краі пачуеш.

         Гэты мужны і таленавіты чалавек нарадзіўся ў вёсцы Пількаўшчына ў звычайнай сялянскай сям’і Івана Хведаравіча і Домны Іванаўны Скурко.

           “На вокладцы нейкай старой кнігі, - успамінаў паэт, - побач з запісамі, як садзіць і прышчапіць яблыню ці грушу, і іншымі гаспадарчымі парадамі, я сустрэў і запіс, пакінуты рукою майго бацькі: “17 верасня па новаму стылю 1912 года радзіўся Жэня”.

          Пачалася імперыялістычная вайна. Восенню 1914 года Івана Хведаравіча  мабілізавалі ў армію. Як добрага шаўца, яго накіравалі ў шавецкую майстэрню ў горадзе Пскове. Іван Хведаравіч у вольную часіну часта хадзіў на станцыю, каб сустрэць каго-небудзь з землякоў, распытаць пра сваіх.

           “Аднойчы, - расказваў Іван Хведаравіч, - я заўважыў на вакзале малога хлопчыка, які быў абвязаны знаёмай дамашняй хусткай. Спытаў:

-         Як цябе зваць?

-         Жэня.

-         А дзе твой бацька?

-         Цару боты шые.

-         А дзе маці?

-         Мама?.. Яна пайшла па вар…

-         Вось табе кавалачак цукру, вазьмі.

-         Мама казала, каб я нічога не браў, а то і другая рука забаліць.

Так я даведаўся, што Жэня зламаў руку, што сям’я падалася ў бежанцы”.

Гэта сустрэча адбылася ў верасні 1915 года.

Праз тыдзень сям’я Івана Скурко прыехала ў Маскву. Часта маці і бацька гаварылі пра родную Пількаўшчыну, пра дзеда. І ў 1922 годзе сям’я падалася на радзіму.

Хлопчыку хацелася вучыцца, але школа была толькі польская, а польскай мовы Жэня не ведаў. Так і давялося сядзець першую зіму дома.

У 1923 годзе Жэня пайшоў у другі клас Шкленікоўскай пачатковай школы,  лічыўся лепшым вучнем.

Восенню 1925 года Іван Хведаравіч па прапанове Фадзея паслаў сына ў Сваткаўскую школу, дзе былі старэйшыя класы. У 1926 годзе Яўген заканчвае пачатковую школу ў Сватках і марыць вучыцца далей.       

         Ён рос у такой сям’і, дзенікому і ў галаву не прыходзіла выракацца свайго – мовы, звычак , спаконвечнай  любві да зямлі, роднага кутка. Хоць, на першы погляд, што тут і любіць было? Старую курную хату, што стала “калыскай” паэта, у якой прайшло жыццё не аднаго пакалення. Яе жыхары варты самага глыбокага ўвасаблення, паэтызацыі: гэта бабка Улляна, дзед Хведар, дзядзька Фадзей, сёстры Вера І Людміла, бацька Іван Хведаравіч і маці Домна Іванаўна. А пачынальнікам роду Скуркаў і наогул адным з заснавальнікаў вёскі Пількаўшчына быў Марка, прадзед Максіма Танка, сапраўдны вясковы асілак. З успамінаў старажылаў паўстае жывы вобраз: вось ён у зрэбнай кашулі і лапцях сякераю валіць стагадовыя сосны, цягае велізарныя каменні на падмурак, адзін носіць на плячах бэлькі. І заўсёды сыпле жартамі, весяліць аднавяскоўцаў. Здавалася, сіле і працавітасці яго не будзе канца. Не шкадаваў Марка сябе, не бярогся. Нёс бервяно на апошні вянок, спатыкнуўся на рыштаваннях і ўпаў…

         Спрадвеку сям’я жыла бедна, але сумленна. Усе былі працавітымі. Жыццё на хутары было надзвычай мазольным і цяжкім. Зямля, на якой было шмат забалочанасці, карчэўя, вымагала ад сям’і неверагоднай цягавітасці ў працы, упартасці, бязмежнага выдаткавання сіл.

         Шчырыя словы знаходзім у паэта пра бабку Улляну. Вечна яна пра ўсіх непакоілася… Колькі за свой век наткала палоцен, нажала снапоў, намалола мукі ў жорнах, назбірала розных гаючых зёлак, грыбоў, ягад. І, як магла, лагодзіла ўсе сваркі, берагла цяпло сям’і, пачуцці сям’і, каб, як вугалле ў пяколку,  яно ніколі не згасалала.  Памерла бабуля ў 1936 годзе ва ўзросце каля 80 гадоў.

         На чатыры гады перажыў яе дзед паэта – Хведар Маркавіч Скурко. Дзед жыў сіратою пры дзядзьку. Падрос, стаў заўзятым паляўнічым.

         Цэлымі днямі  ён прападаў у лесе і вяртаўся з багатай здабычай. Хведара і ў салдаты не ўзялі: валасны старшыня, які часта ласаваўся дзічынай, вызваліў хлопца ад службы.

         Зямлі ў яго было каля шасці дзесяцін, разам з лесам і сенакосам, а ў сям’і – дванаццаць дзяцей. Падрасталі дзеці,  раслі і клопаты, але Хведар усю сваю душу аддаваў паляўніцтву. Таму старэйшыя яго сыны і дочкі гаспадарылі, як умелі. А ў Хведара Скурко праявіўся яшчэ адзін талент – лекара. Ён лячыў ад змяінага ўкусу, добра ведаў розныя лекавыя травы, дапамагаў хворым. Дажыў Хведар да 82 гадоў. Ужо зусім старым пасвіў кароў,але на паляванне не забываўся. Так і памёр  дзед на пашы, прылёгшы на кургане. Побач ляжала  спадарожніца яго жыцця – старая паляўнічая дубальтоўка.

         Для кожнага з родных знаходзілася месца ў сэрцы паэта. Але найдаражэйшым на свеце чалавекам была для Максіма Танка маці – Домна Іванаўна, родам з вёскі Задубенне, што ля мястэчка Крывічы. Працавітая і сціплая, набожная – “спаць не ляжа, пакуль за ўсіх не памоліцца.” Яна пастаянна цікавілася, чым жывуць яе дзеці. З любоўю і павагай ставіўся сын да сваёй маці.

         Дарэчы, да маці ў яго былі асаблівыя пачуцці: цёплыя, шчырыя, сыноўнія. Дай божа кожнаму такіх сыноў. Ён не толькі не забываў яе наведваць, але і да сябе на зіму забіраў, каб падлячыць трохі, каб адпачыла ад цяжкай сялянскай працы, хоць зімой.  У Яўгена Іванавіча з маці былі своеасаблівыя адносіны. Складвалася такое ўражанне, што пупавіна, якой  яны былі некалі злучаны, ніколі не разрывалася. І на фотаздымках, дзе ёнпобач з маці, праглядаецца нават гэта сувязь. І гэта яго апошняе жаданне – быць пахаваным разам з маці.

         Многім у сваім жыцці паэт абавязаны і бацьку – Івану Хведаравічу. Ён быў старэйшы сын Хведара. Нарадзіўся ў 1882 годзе. Ледзь узняўся на ногі, як на яго ляглі цяжкія гаспадарчыя клопаты. Працавіты і руплівы, Іван з ранняга юнацтва не меў вольнай хвіліны: арандаваў зямлю, шыў боты, ганяў плыты, наймаўся лесарубам, хадзіў на панскі луг капаць канавы. Быў ён не дужа пісьменны: вучыўся толькі адну зіму ў царкоўнапрыходскай школе ў   

в. Новікі, а потым некалькі месяцаў – у Мядзельскім народным вучылішчы. Навука не вялікая, але любоў да кніг Іван Хведаравіч захаваў на ўсё жыццё. Гэта быў надзвычай працавіты і сумленны чалавек, не любіў падману. Калі даваў слова, не было выпадку, каб не стрымліваў. Іван Хведаравіч ва ўсім быў справядлівы, дбайны, па-святому любіў зямлю. У сваіх дзяцей бацькі стараліся выхаваць працавітасць. Вельмі перажывалі яны, калі сын Яўген трапіў у турму за падпольную дзейнасць. Іван Хведаравіч ездзіў у Вільню на спатканне з сынам. Свайму бацьку, бацькам усіх зняволеных Максім Танк прысвяціў верш “Спатканне”:

         Не плач! Мы вернемся вясной

         І выйдзем у поле грамадой.

         Сустрэнем новы ўсход зары, --

         Не плач і не бядуй, стары!

 

         Нельга не сказаць пра Фадзея, брата Хведара Іванавіча і дзядзьку паэта.

         Гэта быў легендарны чаавек. Вельмі моцны фізічна. У 75 гадоў адзін браў бітон малака і ставіў яго на машыну. Калі распранаўся – дык адны жылы на целе.

         Служачы ў арміі, ён стаяў у цара на Крамлёўскіх варотах. Там падбіралі рослых, прыгожых салдат. На царскіх стрэльбішчах у якасці ганаровага прыза атрымаў залаты гадзіннік. Потым па накіраванню Расіі паехаў у Чэхаславакію, вучыўся на ветэрынара. Там далучыўся да рэвалюцыйнага руху, за што быў нават прыгавораны да расстрэлу. Але неяк яму ўдалося збегчы ў Германію. Там ён працаваў на гаспадарцы ў фермера.

         Фадзей паехаў за мяжу, каб зарабіць грошай, купіць зямлі і аддзяліцца ад брата Івана, завесці сваю гаспадарку. У Германіі ён настолькі ўвайшоў у сям’ю гэтага фермера, што ледзь не ажаніўся з яго дачкой. І каханне там было. Бацькі дзяўчыны ўгаворвалі, казалі, што яны ўжо старыя і ўся гаспадарка застанецца яму. Але ў самы апошні момант ён сеў на параход і паплыў у Аргенціну. Як аказалася, на 10 гадоў.

         На параход, расказваў, адзіны пропуск быў – рукі. Грошай няма, а рукі ў мазалях – значыць, сядай, білет адпрацуеш.

         Кім ён толькі ў Аргенціне ні працаваў! І таксістам у Буэнас-Айрасе, і на  канвееры аўтамабільнага завода, і коней дзікіх аб’язджаў. На аўтамабільным заводзе такая інтэнсіўная праца была, што нават на абед ніхто не адыходзіў. Вешалася спецыяльная бляшанка, рабочы стаіць на канвееры і есць.

         І там у яго каханне было, але зноў не ажаніўся. Так нежанаты і застаўся.

         Назбіраўшы грошай, дзядзька Фадзей вярнуўся на Радзіму. Прыехаў у родную хату, а тут – рэвалюцыя. І ўсе яго зберажэнні прапалі. Так ён і застаўся жыць на хутары.

         Дарэчы, калі прыехаў з Амерыкі, дзядзьку Фадзея выбралі старшынёй калгаса. Яшчэ ён быў добры ветэрынар, славіўся на ўсю Мядзельшчыну. Быў  чалавекам граматным, ведаў, акрамя беларускай і рускай, польскую, чэшскую, нямецкую, іспанскую мовы, меў на гэтых мовах многа розных кніг па ветэрынарыі, лекаў, хімічных рэактываў, рэцэптаў.

         Дзядзька Фадзей быў вельмі моцны чалавек, асілак. Носячы цяжкае, нажыў грыжу. Прывезлі яго ў клініку аперыраваць. Ён лёг на стол і забараніў даваць наркоз. Аперацыю рабілі без абязбольвання. Пасля ён сам злез са стала і пайшоў у палату. І гэта чалавек пад 70 год! Дарэчы, валодаў гіпнозам.

         Усё жыццё дзядзькі Фадзея было адметным, смерць – таксама. Калі навалілася хвароба (астма), то ён трымаўся моцна, не перажываў і не пакутваў. Нават у бальніцы быў заўсёды вясёлы і жыццярадасны. Родныя прыйшлі да яго за пару гадзін да смерці. А ён кажа: “Праз пару гадзін я памру, дык вось сцізорык - табе, гадзіннік – табе…” і г.д. і роўна праз  дзве гадзіны пасля таго яго не стала. Памёр дзядзька Фадзей ад астмы ва ўзросце каля 80 гадоў.

         У час Вялікай Айчыннай вайны дзядзька Фадзей выратаваў Пількаўшчыну і яе жыхароў. Каб не ён, пількаўшчан расстралялі б немцы за сувязь з партызанамі. Мужчын ужо распранулі, падрыхтавалі да расстрэлу. Жанчын з дзецьмі арыштавалі. Нямецкі афіцэр прапанаваў выдаць партызан, калі яны ёсць у вёсцы, а інакш салдаты з аўчаркамі пойдуць і тады ўжо нікога не пашкадуюць. Жыхарка вёскі Пількаўшчына Скурко Валянціна схавала ў сябе яўрэйскую жанчыну і вельмі хвалявалася. І тады дзядзька Фадзей пайшоў да нямецкага афіцэра і стаў размаўляць з ім на нямецкай мове. Ён запэўніў афіцэра, што ў вёсцы нікога пастаронняга няма, і той адпусціў мужчын і жанчын з дзецьмі па хатах.

         Такім застаўся Фадзей ва ўспамінах родных і землякоў.

         У Хведара і Улляны было 12 дзяцей, але засталіся звесткі толькі пра трох сыноў: Івана, Фадзея і Ціхана. Сем’і дачок Паліны і Соф’і былі рэпрэсіраваны і вывезены ў Сібір.

         Вера Іванаўна Скурко (Лётка) – старэйшая сястра Максіма Танка (1918-1943 г.г.)

         Была прыгожая, працавітая дзяўчына. У 1938 г. яна выйшла замуж і пераехала жыць на хутар каля вёскі Сэрвач (Вілейшчына). Максім Танк згадваў: “Заўтра еду ў Вільню. Разам са мною едзе і сястра Вера, якая выходзіць замуж за Браніслава Лётку з Сэрвачы, дзе бацька яго, вярнуўшыся з Амерыкі, купіў сабе хутар». У Лёткаў на той час быў свой малаказавод, мелі статак у 50 кароў, сваю хлебапякарню, сажалкі з рыбай, канюшню.

         Вера загінула ў гады Вялікай Айчыннай вайны пакутніцкай смерцю. Пад выглядам партызан група бандытаў уварвалася ў сакавіку 1943 г. у хату і запатрабавала каштоўнасцей. Злачынцы загубілі безабаронную жанчыну і яе двухгадовага сына Яраслава. Загінула і свякроў.

         Магіла сястры паэта і яе сына знаходзіцца на Касцяневіцкіх могілках (Вілейшчына).

         Людміла Іванаўна Семяжон, малодшая сястра паэта.

         У сям’і яе звалі Мілка. Максім Танк забраў сястру з вёскі ў Мінск, прымусіў вучыцца (паступіла ў медінстытут). Закончыўшы яго, яна  паехала працаваць у Мядзел. Мясцовыя людзі пра яе добра выказваліся, яна была вельмі душэўнай, чулай. Пазней выйшла замуж за вядомага перакладчыка ЯзэпаСемяжона (1914-1985 г.г.). Іх пазнаёміў Максім Танк. Сям’я атрымалася цудоўная. Семяжон быў вельмі прыстойным, добрым чалавекам. У іх нарадзіліся дзеці: дачка Наталля (1957 г.н.) і сын Пётр (1958 г.н.) Атрымалі вышэйшую адукацыю. Свае сем’і не стварылі, дзяцей не маюць.

         Людміла захварэла на рак галаўнога мозгу і памерла. Як доктар, ведала пра гэта.

         Фёдар Іванавіч Скурко, малодшы брат паэта (1924-2011 г.г.)

         Фёдар быў меншы за Яўгена на 12 год. Хлопец рос жвавы, шустры, кемлівы. Але да вучобы быў не вельмі ахвочы. Яўген Іванавіч увесь час гаварыў: “Федзя, вучыся! Федзя, вучыся!” А ён…

         Яўген Іванавіч дапамог брату з кватэрай. Федзя доўга працаваў на трактарным заводзе, у кавальскім цэху. У Мінску ажаніўся. Жонку звалі Валянціна Васільеўна Шабашова (1932 г.н.), ленінградка. У Фёдара з Валянцінай нарадзіліся дзве дачкі: Таццяна (1952 г.н.) і Ірына (1955 г.н.). Потым у сям’і здарыўся канфлікт. Развёўшыся, Фёдар пакінуў Мінск, кватэру і вярнуўся на хутар. Там ажаніўся з Марыяй Іванаўнай Мацкевіч (1932 г.н.), ураджэнкай в. Ракуці Мядзельскага раёна. У іх нарадзіўся сын Іван (1973 г.н.), якога назвалі ў гонар дзеда. Іван закончыў Беларускі тэхналагічны інстытут. Жыве і працуе ў Віцебску. Жанаты. Жонка Алена, настаўніца. Маюць дачку Машу.

         Фёдар Іванавіч доўгі час працаваў лесніком, пасля выхаду на пенсію ладзіў уласную гаспадарку. Як бацька і дзед, быў паляўнічым. Памёр Фёдар Іванавіч у 2011 годзе на 87- м годзе жыцця.

         Прадстаўнікі роду Скурко – людзі працавітыя. Сціплыя, простыя, шчырыя, мудрыя, добрыя, з пачуццём гумару, моцныя духам, высакародныя.

         А род   Максіма Танка прадоўжылі яго дзеці:  сын Максім і дочкі Вера і Іра, унук Максім, праўнук Яўген і прапраўнучкі Наталля і Валерыя.

         Родныя для Максіма Танка  былі святымі людзьмі.

 

 

     

 

Телефон
8(017)97-334-85

Сайт
svatki@myadel.gov.by